Пісьменнік Віктар Марціновіч раіць чытаць Сяргея Пясецкага пра Ракаў

Onliner апублікаваў лекцыю пра беларускую літаратуру Віктара Марціновіча. Сярод іншага пісьменнік раіць пачытаць і творы Сяргея Пясецкага — пра Ракаў, яго жыхароў і кантрабандыстаў.

«Яшчэ адзін чалавек з гэтага перыяду (першай паловы ХХ стагоддзя), які вельмі варты нашай увагі, — гэта польска- і рускамоўны беларус Сяргей Пясецкі. Біяграфія Пясецкага настолькі ж цікавая, як і тое, што ён пісаў. У мяне наогул ёсць адчуванне, што, дзеля таго каб быць цікавым літаратарам і паэтам, трэба пражыць цікавае жыццё. Зрэдку мы бачым такіх людзей, як Хорхе Луіс Борхес, якія ўсё сваё натхненне і ўяўленне пра свет бралі не з уласнай пакручастай біяграфіі, а з неймавернай процьмы прачытаных кніг. Пясецкі, у адрозненне ад Борхеса, быў менавіта чалавекам з пакручастай біяграфіяй, настолькі пакручастай, што мне нават амаль сорамна раіць яго, бо Сяргей Пясецкі быў цудоўным літаратарам, але не дужа добрым чалавекам. Ён жыў у Ракаве да 1939 года — да той пары, пакуль паводле Рыжскай дамовы Ракаў не адышоў да Польшчы. Адразу за Ракавам была Савецкая Беларусь, і там не было анічога. Першую аповесць Пясецкі пачаў пісаць у польскай турме: яго пакаралі на 15 гадоў за бандытызм. Ён і сапраўды быў бандытам — кантрабандыстам.

Першы напісаны ім вялікі тэкст быў канфіскаваны ў турме і не выйшаў за яе муры, а першая кніжка, якую яму дазволілі выдаць, называлася «Каханак Вялікай Мядзведзіцы». Гэта адметны твор, які паказвае, што адбывалася ў тым самым Ракаве, які быў як Лас-Вегас. Як там віравала жыццё, якая колькасць падпольных казіно і публічных дамоў там была, як весела і п’яна жылі тыя самыя ракаўскія кантрабандысты — пра гэта і распавядае Пясецкі. Тут ёсць і аповед аб тым, як, набраўшы ў Польшчы каштоўных рэчаў (губной памады, калготак, панчох), ён праходзіў праз мяжу з Саветамі і прадаваў гэта за золата, таму што да сярэдзіны 20-х гадоў у Савецкай Беларусі ўжо быў такі заняпад і такая разруха, што адэкалон, парфуму і шкарпэткі дзяўчаты мянялі на золата, срэбра, долары і ўсё, што заставалася ў іхніх куфрах. Ты бачыш знаёмыя табе мясціны, вуліцы, па якіх любы мінчанін можа прагуляцца вельмі проста, але ў тыя часы яны былі заселеныя зусім іншымі, вельмі цікавымі і каларытнымі людзьмі — такіх зараз не знойдзеш ні ў Ракаве, ні ва ўсёй Беларусі. Можа быць, гэта і добра, таму што такія людзі далёкія ад ідэалаў маралі. Але яны вельмі цікавыя. Яны як бандзюкі ў Гая Рычы — прыкладна такое адчуванне.

Другі твор Сяргея Пясецкага, які таксама варта пачытаць, — «Запіскі афіцэра Чырвонай арміі». Гэтая гісторыя падаецца ад першай асобы — ад імені афіцэра Чырвонай арміі, які быў расквартыраваны ў Вільні і праз некаторы час з’язджае ў Ліду. Ён з’яўляецца сведкам таго, як аб’ядноўвалася Савецкая Беларусь з несавецкай. Вельмі цікава і варта прачытаць хаця б пяць першых старонак твора, таму што гэта гісторыя пра тое, як у вельмі дасканалы еўрапейскі горад прыскоквае набрыдзь з сялянскім мінулым і трыма класамі школы, непісьменная, тупая, і пачынае гэты горад проста рабаваць. Памятаю момант, як гэты чырвонаармеец прыходзіць у пякарню набыць булак і, прызвычаіўшыся да чорнага хлеба з апілак, набывае віленскі белы хлеб. Як ён фігее з таго, што хлеб можа быць вось такім!

Перш за ўсё гэтая гісторыя смешная. Але і сумная, бо ты разумееш, што гэта нейкая альтэрнатыўная плынь, што ў Беларусі ўсё магло пайсці вось так, як яно ішло ў Вільні ці ў Ракаве. Скончылася б яно не той новай хваляй савецкасці, якую мы бачым вакол сябе, а нечым вытанчаным, культурным, цікавым. А можа быць, і не.

У любым выпадку «Запіскі афіцэра Чырвонай арміі» і «Каханак Вялікай Мядзведзіцы» — самыя антысавецкія з усіх беларускіх твораў, напісаных у ХХ стагоддзі. Гэта вельмі смешна, гэта Гай Рычы па-беларуску, гэта альтэрнатыўная плынь гісторыі.